З гісторыі народных бібліятэк Берасцейшчыны

Астрамечаўская бібліятэка Брэсцкага раёна з'яўляецца адной з першых бясплатных сельскіх бібліятэк-чытальняў Беларусі. Заснаваная ў 1905 годзе, яна была равесніцай першай рускай рэвалюцыі і цесна звязана з гэтай гістарычнай падзеяй.

Ініцыятыва стварэння народных бібліятэк у Расійскай імперыі належыць земствам. На тэрыторыі ж Беларусі ў гэты перыяд земстваў не было. Грамадскай сілаю, якая ўзялася тут за арганізацыю бібліятэк для сялян, стала мясцовая інтэлігенцыя, у першую чаргу студэнты пецярбургскіх вышэйшых навучальных устаноў і вясковыя дэмакратычна настроеныя настаўнікі. У першым дзесяцігоддзі XX ст. пры Пецярбургскім універсітэце ўзнік беларускі навукова-літаратурны гурток, куды ўваходзілі студэнты-беларусы. Адной з задач гуртка зяўлялася арганізацыя на Бацькаўшчыне культурна-асветніцкіх устаноў, у тым ліку бібліятэк для народа.

У гэты час у Пецярбургу сваю дзейнасць па арганізацыі народных бібліятэк развівае Паўленкаўскі фонд. Па завяшчанні вядомага рускага кнігавыдаўца Фларэнція Фёдаравіча Паўленкава на адпісаныя ім грошы яго душапрыказчыкі на чале з В. Якаўленкам адкрылі ў Расіі на пачатку XX ст. звыш 2000 бясплатных народных бібліятэк-чытальняў, якія атрымалі назву паўленкаўскіх, з іх 11 — на тэрыторыі Беларусі.

Аб адкрыцці народных бібліятэк на Беларусі ў 1908 годзе паведамлялася ў часопісе «Русская школа»: «В 1905 году возникли по частному почину библиотеки-читальни в Брестском уезде в с. Остромечево и Слонимском уезде в м. Жировицах. В 1906—1907 годах были открыты новые библиотеки-читальни в Бельском уезде и в Кобринском — в одном селении».

Аднак, як канстатавала ў 1910 годзе газета «Наша ніва», «у Беларусі народных бібліятэк і чытальняў вельмі мала. Гэта за тым, што нямнога ёсць людзей, каторыя ведаюць, як адкрываць бібліятэкі, а шмат хто думае, што на гэта трэба многа грошай. Тым часам, адкрыць бібліятэку можна з капеек і год за годам з капеечнай яна вырасце ў вялікую святыню асветы для народа».

Ініцыятарамі стварэння бібліятэкі ў Астрамечаве сталі студэнты Пецярбургскага універсітэта браты Сяргей і Мікалай Раманскія — сыны астрамечаўскага святара і два іх сябры з Брэста — Сяргей Басякоў і Яўген Жуковіч. Скарыстацца сродкамі з Паўленкаўскага фонду можна было, калі меўся дазвол губернатара на адкрыццё бібліятэкі і сведчанне з воласці або ад настаўніка, што на месцы сабралі грашыма або кнігамі не менш за 30 — 50 рублёў; «тады з фонду імя Паўленкава высылаюць кніжак на 150 рублёў і далей памагаюць. Так, у адкрытыя з 1905 па 1910 год бібліятэкі імя Паўленкава ў Гродзенскай губерніі выслалі адразу кніг на 150 рублёў, а цяпер зноў выслалі на столькі ж і яшчэ будуць высылаць».

Афіцыйна загадчыкам Астрамечаўскай бібліятэкігубернатар назначыў мясцовага святара Л. Раманскага, а наглядальнікам — настаўніка народнага вучылішча Антона Зянкевіча. Па сутнасці ж святар не меў дачынення да работы бібліятэкі. Усё ўзяў на сябе Антон Паўлавіч Зянкевіч. Ён і ўвайшоў у гісторыю як першы бібліятэкар гэтай кніжнай установы.

Па звестках самога А. Зянкевіча, першапачаткова фонд бібліятэкі ацэньваўся сумай у 100 рублёў. Кнігі збіраліся арганізатарамі са сваіх хатніх бібліятэк і часткова на ахвяраванні мясцовай інтэлігенцыі. Бібліятэка-чытальня размяшчалася ў будынку школы, у асобным пакоі. Кнігі мясціліся ў дзвюх вялікіх шафах. Цудам захавалася адна з першых кніг, выдадзеная ў 1903 годзе. Яе аўтар А.Н. Сцяпанаў, называецца кніга «Сельская гаспадарка і сельскае жыццё». На тытульным лісце захавалася авальная пячатка з тэкстам: «Народная бібліятэка імя Ф.Ф. Паўленкава ў вёсцы Астрамечава». Кніга ў добрым стане, і яе праз сто гадоў можна без цяжкасцяў чытаць.

У 1907 годзе, гэта значыць праз два гады пасля яе заснавання, Астрамечаўская бібліятэка мела ўжо болыш за тысячу кніг. У наступным годзе яе фонд значна папоўніўся ў сувязі з наступнымі абставінамі. Гродзенская дырэкцыя народных вучылішч, жадаючы, відаць, зменшыць прагрэсіўны ўплыў паўленкаўскай бібліятэкі на мясцовае насельніцтва, вырашыла адкрыць у Астрамечаве пры народным вучылішчы другую бібліятэку. Для гэтай мэты было адпушчана, па словах А. Зянкевіча, 400 рублёў. На іх настаўнік склаў спіс літаратуры для новай бібліятэкі так, што адабраныя ім кнігі не ішлі ўразрэз з ідэйным накірункам паўленкаўскай бібліятэкі. Юрыдычна новая бібліятэка лічылася самастойнай. На яе кнігі быў складзены асобны інвентарны вопіс, аднак гэта не мяняла сутнасці справы. Фактычна другой бібліятэкі не існавала. Была і заставалася адна бібліятэка — паўленкаўская.

У перыяд рэвалюцыі 1905 — 1907 гадоў былі адменены правілы 1884 года аб міністэрскіх каталогах і часовыя правілы ад 15 мая 1880 года аб народных бібліятэках і парадку нагляду за імі, якія абмяжоўвалі камплектаванне фондаў публічных бібліятэк. У сувязі з гэтым бібліятэкі атрымалі магчымасць набываць літаратуру, якая мелася на кніжным рынку. Па сведчанні А. Зянкевіча, здараліся выпадкі, калі нелегальныя кнігі і забароненыя выданні былі пераплецены разам з легальнымі, так што іх цяжка было выявіць.

У перыядычным друку таго часу ёсць паведамленне, што Астрамечаўская бібліятэка атрымала дапамогу грашыма і кнігамі ад «аднаго таварыства з Францыі, ад расейскага пісара Максіма Горкага». Дасылала сюды свае выданні беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца», бібліятэка атрымлівала таксама газеты «Наша доля» і «Наша ніва», іншыя перыядычныя выданні.

Цяжкімі і складанымі пуцявінамі ішло развіццё беларускага афіцыйнага перыядычнага друку. Спатрэбілася больш за чатыры дзесяцігоддзі, каб пасля «Мужыцкай праўды» К. Каліноўскага — першай ластаўкі беларускай перыёдыкі — зявілася нарэшце, у 1906 годзе, беларуская легальная газета. I то лёс яе быў няпростым, як няпростым было нацыянальнае адраджэнне беларусаў. Спробы для стварэння легальнай перыядычнай газеты ў Беларусі рабіліся і раней. 15 ліпеня 1870 года ў Парыжы выйшаў першы і адзіны нумар польска-літоўска-беларускай газеты «Змова». Беларускія народавольцы — студэнты Пецярбургскага універсітэта — наладжваюць выданне гектаграфаванага часопіса «Гоман» на рускай мове. Другі яго нумар, выдадзены 15 лістапада 1884 года, быў цалкам прысвечаны абмеркаванню нацыянальнага пытання ва ўмовах Беларусі і будучыні роднага краю.

Сапраўднае абуджэнне нацыянальна-вызваленчага руху прынесла рэвалюцыя 1905 года. Магутны штуршок для развіцця атрымала беларуская літаратура, пачалася барацьба за нацыянальную школу, тэатр, кнігадрукаванне і перыёдыку на роднай мове.

12 жніўня 1906 года віленскі жыхар Іван Адамавіч Тукеркес атрымаў у канцылярыі віленскага губернатара пасведчанне № 11532 на права выдання і рэдагавання штотыднёвай газеты «Наша доля» — першай беларускай газеты для вясковага і местачковага рабочага народу. Яна пабачыла свет 1 верасня 1906 года на васьмі старонках невялікага фармату. Выхад газеты адзначылі ўсе віленскія рускія, польскія, літоўскія перыядычныя выданні, а таксама некаторыя мінскія.

Нядоўга жыла першая легальная грамадска-палітычная і літаратурная газета «Наша доля» (1 верасня — 14 снежня 1906 года). З шасці нумароў на пяць была аб'яўлена канфіскацыя, рэдактар асуджаны на год турэмнага зняволення, а само выданне забаронена.

Горкі вопыт «Нашай долі» спатрэбіўся «Нашай ніве», якая пачаля выходзіць з 10 лістапада 1906 года, пасля чацвёртага нумара сваёй папярэдніцы. Газета была разлічана пераважна на сялянскага чытача і вясковую інтэлігенцыю. У ёй друкаваліся матэрыялы пра побыт беларускай вёскі, адстойваліся патрабаванні грамадзянскага і палітычнага раўнапраўя беларусаў, свабода карыстацца роднай мовай, развіваць на ёй літаратуру, асвету. «Наша ніва» адыграла значную ролю ў выяўленні і збіранні беларускіх літаратурных сіл, у выданні і прапагандзе беларускіх кніг. «Мы бачым, — пісала газета на чацвёртым годзе свайго жыцця, — што з самых глухіх куткоў Беларусі, дзе ніхто дагэтуль не толькі пісаць у газету, але і чытаць друкаванае слова не меў ахвоты, плывуць у «Нашу ніву» сотні карэспандэнцый, напісаных мазолістай рукой селяніна, бо ён ужо пазнаў, што гэта яго газета і для яго. Шырэй, байчэй, чым тыя гады, ідуць у народ і беларускія кніжкі, і з гэтага відаць, як узрастае патрэба іх».

Рэдакцыя газеты выдавала таксама беларускія календары, прапагандавала тэатр У. Буйніцкага, беларускія спевы, танцы. «У Вільні, Гародні, Полацку, Дзісне, Пецярбургу выступаюць дружыны артыстаў-аматараў, і з тэатральнай сцэны плыве жывое беларускае слова, будзячы прыспаныя сэрцы беларусаў і паказваючы ўсім, што «жыве Беларусь!»

Пры тэатрах пазакладаліся хоры, каторыя пяюць нашы народныя песні, хапаючы людзей хараством беларускай музыкі. Таксама арганізаваны былі гурткі танцораў: яны на сцэне паказвалі, як танцуе прыродкы беларус, каторага не папсавалі «модныя» кадрылі, вальсы, даводзячы яшчэ раз, што і гуляць у сваёй нацыянальнай вопратцы шмат пекней, чым у пазычанай у чужых».

У 1911 годзе тыраж «Нашай нівы» складаў ужо каля 3000 экзэмпляраў. Яна бясплатна высылалася ў народныя бібліятэкі, у тым ліку і ў Астрамечаўскую, за што А. Зянкевіч і М. Паўлючык, добры памочнік бібліятэкі і адзін з першых яе чытачоў, падзякавалі рэдакцыі і пажадалі ёй «далейшай карыснай працы ў імя беларускага народа». Гісторыя захавала яшчэ некалькі прозвішчаў актыўных чытачоў таго часу: А. Мацвяюк, А. Данілюк, М. Місюк, П. Шыш, С. Краўчук і іншыя.

На старонках «Нашай нівы» неаднаразова паведамлялася пра дзейнасць Астрамечаўскай бібліятэкі. «За 1908 год бібліятэка выдала 2 тысячы 500 кніг. Найбольш кніг чытаюць позняй восенню. Чацвёртая частка чытачоў — кабеты і дзяўчаты. Карысць ад кніг вялікая. У іх напісана ўся мудрасць, да каторай дайшоў свет. Адзін чалавек, як пачаў чытаць кніжкі, дык кінуў піць гарэлку,» — чытаем у адным з нумароў згаданага перыядычнага выдання. Там жа надрукавана: «Астрамечаўская бібліятэка прасіла ў воласці 25 рублёў з штрафаў, каб паправіць кніжкі, што бадзяюцца па руках, падзёрліся. Воласць павінна адпусціць, бо чытаюць усе вёскі гэтай воласці».

На верх старонкі

  • Докладnew
  • Остромечево и остромычивци
  • Предисловие
  • Дела давно минувших дней
  • Легенды о селе Остромечево
  • Род Пузыны
  • Заметки из «Нашей нивы»
  • Урочища (хутора) (1935–1960)
  • «За польским часом»
  • Подсобное хозяйство
  • Хутор Вылычково
  • Владычицы
  • Почта в Остромечеве
  • Повзрослевшее детство
  • Сказ о матери
  • Далекое детство
  • Жизнь в послевоенное время
  • Есть только миг...
  • Памяти земляков
  • Мой старший брат
  • Невозвратимое…
  • Мы родом из детства
  • Природа нашего детства
  • Пословицы, поговорки
  • Песни
  • Прымовкы, шчыталки, игры
  • Школа
  • Народные училища Брестчины
  • Они были первыми
  • А жизнь короткая такая
  • «Школа»
  • Сочинение на заданную тему
  • Незабываемое...
  • Отец, Учитель, Человек
  • Годы далекой юности
  • Всегда помню учителей
  • Я был первым выпускником
  • И запах сирени 45-го...
  • Самый «классный» класс...
  • Школьные годы чудесные...
  • Жизнь, отданная школе
  • Школу всегда вспоминаю
  • Школа — фундамент жизни
  • Личный пример А. Даниша
  • Библиотека
  • Павленков Ф. Ф.
  • Заметки из «Нашей нивы»
  • З гісторыі народных бібліятэк
  • Братья Романские
  • В библиотеке работали
  • Иван Иванович
  • Свято-Михайловская церковь
  • Памяти отца Евгения
  • Тарима Лукьян Антонович
  • Праздники нашего детства
  • Память
  • Воины, погибшие в 1944 г.
  • Сережина ель
  • Колхоз "Память Ильича"
  • Люди счастливой судьбы
  • Красота рождается в душе
  • СПК "Остромечево"
  • Четверть века
  • Остромечево сегодня
  • Моё Остромечево
  • Служба дня и ночи
  • Прекрасное далёко…
  • Слоўнiк тэрмiнаў
  • Хронология событий
  • Послесловие
  • Видео
  • Web hosting by Somee.com