И. А. ПанасюкОт Остромечино до ОстромечевоПедагагічная дынастыя даўжынёю ў 180 гадоўУсё пачыналася так. Купчанка Анастасія Пятроўна пасля вызвалення Рагачоўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з 20 сакавіка 1944 года працавала настаўніцай Вішанскай пачатковай школы Рагачоўскага раёна. У 1946 годзе закончыла Гомельскі педагагічны інстытут і была накіравана на працу настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Астрамечаўскую школу, дзе і працавала да 1984 года.У 1952 годзе закончыла Брэсцкі настаўніцкі інстытут, а ў 1964 годзе – Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці «Руская і беларуская мова і літаратура». Усе гады выкладала толькі беларускую мову і літаратуру, дасканала ёю валодала, размаўляла на ёй не толькі на працы, але і ў побыце, умела перадаць свае веды і захопленасць роднай мовай вучням, якія да цяперашняга часу ўспамінаюць настаўніцу з павагай і ўдзячнасцю. У 1951 годзе ўступіла ў шлюб з Вакулічам Уладзімірам Цімафеевічам, настаўнікам пачатковых класаў Астрамечаўскай сярэдняй школы. Пасля заканчэння Брэсцкага і Магілёўскага дзяржаўных педагагічных інстытутаў па спецыяльнасці «Гісторыя» ён выкладаў гісторыю да выхаду на пенсію. Быў улюбёны ў родныя мясціны: тут, у Астрамечава, пабудаваў дом, стварыў сям’ю, выхаваў дзяцей. Імкнуўся перадаць гэтую любоў сваім вучням. У сям’і Анастасіі Пятроўны і Уладзіміра Цімафеевіча Вакулічаў нарадзілася двое дзяцей. Старэйшы сын Віталій закончыў Кіеўскі будаўнічы інстытут, працаваў у г. Ліда, удзельнічаў у будоўлі стагоддзя – будаваў БАМ у складзе першага беларускага атрада, был галоўным механікам на домабудаўнічым камбінаце Брэста. Працягнула сямейныя настаўніцкія традыцыі малодшая дачка Анастасіі Пятроўны і Уладзіміра Цімафеевіча Ларыса. Агульны педагагічны стаж бацькоў і нашчадкаў дынастыі Купчанка-Вакуліч-Поўх налічвае больш за 180 гадоў. Жыццё і школа для мяне сінонімыТак распарадзіўся лёс: амаль усё, што адбылося са мной у гэтым жыцці, тым ці іншым бокам звязана са школай. Першыя дзіцячыя ўспаміны: папа піша нешта ў сшытку, а я сяджу ў яго на каленях, гарыць лямпа (святло з’явілася, калі пераехалі ўжо ў сваю хату), мама правярае сшыткі. А потым першы клас, дамоў прыходзіла толькі паесці і выканаць дамашнія заданні: гурток мастацкай самадзейнасці, спартыўная секцыя па тэнісе, фотагурток, піянерская работа, а яшчэ турыстычныя паходы, вандроўкі, паездкі – усё пералічыць немагчыма. З першага класа была ўпэўнена, што буду працаваць толькі ў школе, таму што для мяне гэта было настолькі звычайна, як неабходнасць дыхаць. У пятым класе з’явіўся новы прадмет – нямецкая мова. З першага ўрока, які правёў Леанід Мікітавіч Кузаўка, я канчаткова вырашыла займацца менавіта… нямецкай мовай. Вось такі быў у нас Настаўнік з вялікай літары! У 1975 годзе я закончыла Мінскі дзяржаўны інстытут іншаземных моў па спецыяльнасці «Настаўніца французскай і нямецкай мовы» і ўзяла размеркаванне (была такая магчымасць па адзнаках) у Брэсцкую вобласць. Сваю педагагічную дзейнасць пачала ў Якаўчыцкай сярэдняй школе Жабінкаўскага раёна настаўніцай французскай мовы, пазней атрымала спецыяльнасць настаўніцы ангельскай мовы і да выхаду на пенсію выкладала нямецкую і ангельскую ў Ленінскай сярэдняй школе Жабінкаўскага раёна. У 1979 годзе ў нашу настаўніцкую сям’ю ўвайшоў яшчэ адзін спецыяліст, мой муж, выкладчык біялогіі і геаграфіі Васіль Рыгоравіч Поўх. Ён таксама закончыў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна і ў працоўнай кніжцы мае толькі адзін запіс месца работы – Жабінкаўскі раён. Ужо ў сям’і Поўхаў нарадзіліся дзве дачкі, якія сталі нашым гонарам і дастойным працягам нашай педагагічнай дынастыі. Старэйшая Ірына закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці «Настаўніца ангельскай і беларускай мовы і літаратуры». Цяпер выкладае ангельскую мову ў гэтым жа ўніверсітэце, закончыла аспірантуру, кандыдат філалагічных навук. Меншая Марыя закончыла сярэднюю школу з сярэбраным медалём, атрымала спецыяльнасць выкладчыка геаграфіі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, выкладала геаграфію ў Старасельскай школе Жабінкаўскага раёна.А цяпер яна мая калега. Мы разам працуем у Ленінскай сярэдняй школе. Мне вельмі прыемна глядзець, як на маіх вачах вырастае таленавіты педагог. Вучні Марыі Васільеўны двойчы ўдзельнічалі ў раённых алімпіядах і двойчы станавіліся прызёрамі. Цяпер мы з Васілём Рыгоравічам дапамагаем гадаваць унука і ўнучку. І калі мне дасць Бог дажыць да часоў, калі яны прыдуць і скажуць: «Бабуля, мы закончылі ўніверсітэт і накіраваны працаваць у школу» – у такім выпадку я буду самая шчаслівая бабуля. Таму што ніколі за амаль сорак гадоў сваёй працы ў школе не пашкадавала аб гэтым і ўдзячна сваім бацькам, што яны далі мне магчымасць здзейсніць усё, падараванае нам лёсам. Ларыса Поўх (Вакуліч). |